14 лютага – Міжнародны дзень дарэння кніг

Напярэдадні Міжнароднага дня дарэння кніг, на абанеменце навуковай і мастацкай літаратуры (аўд. 3221), экспануецца кніжная выстава “На памяць - ад аўтара!”.

Кнігі, як і людзі, маюць свой лёс. Параметрамі ўнікальнасці могуць выступаць самыя разнастайныя характарыстыкі: тыраж, афармленне або пакінуты на ёй дароўны надпіс або аўтограф аўтара. Такая кніга становіцца, нягледзячы нават на вялікі тыраж, адзінай у сваім родзе. Дзякуючы ўласнаручнаму надпісу аўтара кніга набывае літаратурную і культурную каштоўнасць. Аўтограф – гэта і дакумент, і рэліквія, і слоўнае пасланне аўтара сваім чытачам.

У фондзе бібліятэкі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ёсць кнігі з аўтографамі беларускіх вучоных, пісьменнікаў, паэтаў, краязнаўцаў, мясцовых аўтараў: М. Гарэцкага, А. Адамовіча, І.В. Саверчанка, Ф.Дз. Клімчука, Б. Сачанкі, М.А. Тычыны, Н.М. Улашчыка, І.П. Чыгрына, Дз. Бугаёва, В.Я. Ляшука, Г. Кісялёва, А. Шушко, М. Лаўровіча, М. Кобец, В. Міцкевіч і інш.

Супрацоўнікі бібліятэкі з вялікай павагай ставяцца да асаблівых кніг, аднак не робяць з іх “музей аўтографа”: кнігі з подпісам аўтара знаходзяцца ў адкрытым доступе і выкарыстоўваюцца па іх прамым прызначэнні – выдаюцца карыстальнікам для чытання.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу і пазнаёміцца з выдатнымі экзэмплярамі кніг, якія змяшчаюць дароўныя подпісы аўтараў!