17 верасня - Дзень народнага адзінства

Дзень народнага адзінства быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам нумар 206 Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Свята адзначаецца 17 верасня і прымеркаванае да гадавіны пачатку вызваленчага паходу ў 1939 годзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы беларускі народ ізноў уз'яднаўся.

Адзінства мае вялікае значэнне для сучаснай Беларусі. Яно азначае згуртаванасць і згоду ўнутры грамадства, што з'яўляецца ключавым фактарам для дасягнення ўстойлівага развіцця і вырашэння важных выклікаў. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: "На сваім тысячагадовым шляху да самавызначэння беларускі народ дастойна пераадолеў шматразовыя спробы пазбавіць яго гістарычнай перспектывы, культурнай і духоўнай самабытнасці. Дата 17 верасня 1939 года - сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі і шчырага імкнення беларусаў, падзеленых паняволі, жыць адной сям'ёй ва ўласным доме". Сучасная Беларусь сутыкаецца з шэрагам выклікаў, якія патрабуюць адзінства і салідарнасці ў грамадстве, неабходных для паспяховага вырашэння сацыяльна-эканамічных задач і пытанняў бяспекі.

Напярэдадні свята ў чытальнай зале № 2 (аўд. 3332) арганізавана кніжна-часопісная выстава “Разам мы Беларусь”. Кнігі, прадстаўленыя на выставе, пазнаёмяць Вас з гісторыяй Беларусі, яе асноўнымі сімваламі, славутасцямі, святамі і традыцыямі, раскажуць пра дасягненні беларускага народа і людзей, якія праславілі нашу краіну.