Чарнобыль: трагедыя, подзвіг, памяць

   Сорак гадоў прайшло з таго красавіцкага дня, калі свет скалануўся ад страшнай навіны: на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася катастрофа. 26 красавіка 1986 года стала чорнай датай у гісторыі чалавецтва, сімвалам непрадказальных наступстваў умяшання ў прыроду і напамінам пра крохкасць нашага свету. Для Рэспублікі Беларусь, якая прыняла на сябе асноўны ўдар той аварыі - гэта не проста параграф у падручніку гісторыі ці назва населенага пункта. Забруджванне радыяцыяй ахапіла чвэрць тэрыторыі нашай краіны. 
   23 красавіка 2026 года ў чытальнай зале бібліятэкі навучальнага корпуса №1 бібліятэкарам 1 катэгорыі Рыбчынскай Алай Андрэеўнай сумесна са студэнтамі эканамічнага факультэта была праведзена гадзіна інфармацыі “Чарнобыль: трагедыя, подзвіг, памяць”, якая была прымеркавана да гэтай трагічнай памятнай даты. Удзельнікамі сустрэчы сталі студэнты груп 25ІЭ-1 і 23БА-1. Вядучыя мерапрыемства Дзямянік Андрэй і Кабычкіна Лізавета простымі, але праніклівымі словамі апісалі храналогію тых страшных дзён: выбух на чацвёртым энергаблоку, пажар, выкід вялізнай колькасці радыёактыўных рэчываў у атмасферу. Яны нагадалі гасцям, што наступствы аварыі маглі быць невымерна страшнейшымі, калі б не самаахвярнасць першых удзельнікаў ліквідацыі - пажарных, работнікаў станцыі, урачоў. Менавіта ліквідатары, не шкадуючы сябе, прынялі на сябе першы і самы магутны ўдар радыяцыі. Асаблівая ўвага была нададзена подзвігу простых людзей, якія цаной свайго здароўя і жыцця прадухілілі далейшае распаўсюджванне радыяцыі. 
Вядучымі было падкрэслена, што нашай дзяржавай прыняты значныя меры па вырашэнню радыяцыйна-экалагічных, медыцынскіх, сацыяльна-эканамічных і іншых праблем, звязаных з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС шляхам рэалізацыі шасці дзяржаўных праграм, мэтай якіх з'яўляецца сацыяльная абарона пацярпелага насельніцтва, забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. А ў 1988 годзе на тэрыторыі беларускай часткі 30-кіламетровай зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС быў створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які займаецца вывучэннем наступстваў катастрофы на ЧАЭС і мае статус прыродаахоўнай навукова-даследчай установы. 
Падчас гадзіны інфармацыі былі паказаны фрагменты дакументальнага відэа, якія наглядна ілюструюць храналогію трагедыі і подзвіг ліквідатараў, а таксама прагучалі вершы ў выкананні студэнтаў групы 25ІЭ-1 Мілюцінай Ксеніі, Анушкевіча Рамана і Саласнюка Багдана. 
У чытальнай зале супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана тэматычная кніжная выстаўка “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…» 
Такія мерапрыемствы дапамагаюць маладому пакаленню не забываць урокі гісторыі, памятаць пра подзвіг папярэднікаў і шанаваць жыццё. Няхай гэтая гадавіна стане яшчэ адным крокам на шляху да бяспечнай і ўстойлівай будучыні для ўсяго чалавецтва.