Запрашаем ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй узнікнення і развіцця славянскага пісьма, славянскімі мовамі і літаратурамі, культурай славянскіх народаў наведаць адкрыты прагляд літаратуры “Спадчына, якая аб’ядноўвае”, арганізаваны ў чытальнай зале бібліятэкі навучальнага корпуса №1 і прымеркаваны да святкавання Дня славянскага пісьменства і культуры, які адзначаецца ў славянскіх краінах 24 мая і прысвячаецца памяці святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. Свята з'яўляецца сімвалам асветы і культурнага развіцця славянскіх народаў, а таксама нагадвае аб важнасці пісьменства і адукацыі.
У экспазіцыі прадстаўлены кнігі і часопісы, з дапамогай якіх можна пагрузіцца ў гісторыю стварэння славянскага пісьменства і распаўсюджвання хрысціянства сярод славян. Беларуская зямля здаўна славілася імёнамі сваіх таленавітых сыноў і дачок. Славу і гонар не толькі нашага, але і ўсіх славянскіх народаў складаюць імёны беларускіх асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Сімяона Полацкага і інш. Пра спадчыну светачаў беларускай духоўнай культуры таксама можна даведацца з матэрыялаў, прадстаўленых на праглядзе.
Не ведаючы мінулага, не зразумееш сучаснасці і будучыні. Прыходзьце ў бібліятэку, чытайце, адкрывайце для сябе новае.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии









