Штогод у першую нядзелю верасня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Яго канцэпцыя з самага пачатку была накіравана на дэманстрацыю адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа, адлюстраванне шматвяковага шляху развіцця пісьменства і кнігадрукавання ў Беларусі. Асноўная ідэя свята - беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання. Менавіта ў кнігах, у словах паэтаў і мысляроў адлюстроўваюцца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Беларусам ёсць чым ганарыцца - беларускае пісьменства мае шматвяковыя традыцыі.
У чытальнай зале бібліятэкі навучальнага корпуса №1 да гэтай даты арганізавана кніжна-часопісная выстаўка “Ля вытокаў беларускага пісьменства”, на якой прадстаўлены выданні пра выдатных беларускіх асветнікаў, кнігі па гісторыі станаўлення і развіцця беларускага пісьменства і кнігадрукавання. Экспазіцыя адлюстроўвае багацце і глыбіню нацыянальнай літаратурнай спадчыны, а таксама яе сувязь з сучаснасцю, расказвае пра развіццё кнігадрукавання і эвалюцыі беларускай мовы. Запрашаем усіх жадаючых!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии









