Міжнародны навуковы праект ПалесДУ на Першай выставе-форуме ІТ-Акадэмграда “Штучны інтэлект у Беларусі”

​​​​​​​Мэтай мерапрыемства з’яўляецца развіццё і каардынацыя супрацоўніцтва вучоных, спецыялістаў навукова-даследчых арганізацый, устаноў адукацыі, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне прымянення метадаў штучнага інтэлекту (ШІ) у інтарэсах пошуку эфектыўных рашэнняў і практычных рэкамендацый па іх прымяненні ў розных сферах жыццядзейнасці. Значнасць выставы-форуму пацверджана тым, што адкрываў яе Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, Міністр сувязі  і інфарматызацыі Канстанцін Канстанцінавіч Шульган, першы намеснік Міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава, Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Яўгенавіч Гучок, кіраўнік адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Вячаслававіч Янчэўскі.

Дэманстравалася больш за 100 праектаў – ад сельскай гаспадаркі да інтэлектуальнай аховы здароўя. Вынікі сваіх навуковых даследаванняў на выставе прадставілі 32 арганізацыі краіны розных сфер дзейнасці і форм уласнасці. Важна, што сярод такога вялікага пераліку інавацыйных распрацовак, для непасрэднай прэзентацыі экспертнай суполцы ў межах круглага стала “Актуальныя пытанні развіцця штучнага інтэлекту ў Рэспубліцы Беларусь” быў адабраны міжнародны праект з удзелам Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і нашых сяброў-партнёраў з Нацыянальнага даследчага Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. І. Лабачэўскага: “Інтэлектуальная сістэма аналізу і прагнозу экалагічнай бяспекі біялагічных збудаванняў ачысткі сцёкавых вод” (кіраўнікі: прарэктар па навуковай рабоце ПалесДУ д.т.н. Штэпа У.М. і дырэктар Інстытута інфармацыйных тэхналогій, матэматыкі і механікі ННДУ д.ф.-м.н. Залатых М.Ю.).

Сумесная распрацоўка нашых вучоных выклікала прадметную цікавасць з боку ўплывовых спецыялістаў ў галіне ШІ, што дазволіла сфарміраваць перспектыўныя трэнды далейшага развіцця даследаванняў і кааперацыі з шэрагам устаноў Рэспублікі Беларусь.