Праз 40 гадоў: у ПалесДУ сустрэліся выпускнікі 1983 года

​​​​​​​24 чэрвеня 2023 года вучэбны корпус факультэта эканомікі і фінансаў наведалі выпускнікі 1983 года Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума. Характэрна, што адным з іх з’яўляецца наш калега – старшы выкладчык кафедры эканомікі і бізнесу Мікалай Мікалаевіч Чмыр. Па сканчэнні 40 гадоў дружны калектыў вучэбнай групы па спецыяльнасці “Улік у дзяржбанку” прайшоўся па вул. Заслонава, дзе знаходзіцца будынак, у якім раней размяшчаўся тэхнікум, і накіраваўся па адрасе: вул. Кірава, 24, дзе цяпер размяшчаецца яго “пераемнік” – факультэт эканомікі і фінансаў. Былыя навучэнцы прыбылі на Піншчыну з Гомеля, Мазыра, Мінска, Брэста, Століна і нават са Смаленска. І. Горыш правяла экскурсію для выпускнікоў па вучэбным корпусе і распавяла пра гісторыю станаўлення Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выпускнікі былі здзіўлены матэрыяльнай базай універсітэта і на кантрасце пастаянна ўспаміналі свой студэнцкі побыт. А карпусы студэнцкай вёскі зачаравалі экскурсантаў. Метадыст А. Рудэнка сустрэў выпускнікоў у музеі ПалесДУ і пазнаёміў з яго экспазіцыяй. Прыемным сюрпрызам стаў падарунак музею – некалькі групавых фатаграфій перыяду навучання нашых гасцей, якія з удзячнасцю ўспамінаюць сваю Alma mater. Усе выпускнікі звязалі сваё жыццё са сферай фінансаў. Многія займаюць высокія пасады галоўных бухгалтараў вядучых банкаў і арганізацый краіны. Але ў тую суботу гэтыя дарослыя людзі зноў адчулі сябе навучэнцамі, прайшлі па такіх знаёмых і ўжо змененых вуліцах Пінска.