Банк свежых рашэнняў: прадстаўнікі МТБанка сустрэліся са студэнтамі эканамічных спецыяльнасцяў ПалесДУ

30 сакавіка 2022 года намеснік кіраўніка аддзела рэкрутынгу ўпраўлення па рабоце з персаналам Наталля Пашкевіч і спецыяліст гэтага аддзела Ірына Вінакурава сустрэліся са студэнтамі 3 курса факультэта эканомікі і фінансаў і інжынернага факультэта. У якасці слухачоў на мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы ліцэя ПалесДУ і ўдзельнікі вясновага стартап-лагера.

Наталля Пашкевіч пазнаёміла  слухачоў з гісторыяй і сучаснасцю МТБанка, перспектывамі яго развіцця. Прадстаўнік Банка акцэнтавала ўвагу на магчымасцях праходжання пераддыпломнай практыкі студэнтаў і наступнага працаўладкавання выпускнікоў у МТБанку. Сістэма навучання маладых спецыялістаў, гарантаваны сацыяльны пакет, дружны калектыў, магчымасць кар'ернага росту - толькі нямногае з таго, што прапануе МТБанк сваім работнікам.

Прысутных зацікавіла прадстаўленая інфармацыя, аб чым сведчыла вялікая колькасць пытанняў. Скончылася мерапрыемства запаўненнем анкеты для студэнта, якая накіравана на вывучэнне перспектывы далейшага працаўладкавання студэнтаў і іх зацікаўленасць у МТБанку як пляцоўцы для кар'ернага росту.