Стажыроўка бібліятэкараў ВНУ Брэсцкай вобласці ў ФБ БДУ

З 23 па 27 мая 2022 года ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ прайшла стажыроўка бібліятэкараў вышэйшых навучальных устаноў Брэсцкай вобласці, у якой ад Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прынялі ўдзел загадчык бібліятэкі Буйніцкая Святлана Валер'еўна і вядучы бібліятэкар Кучынская Ала Карнееўна. Такая стажыроўка была арганізавана ўпершыню Фундаментальнай бібліятэкай БДУ (ФБ БДУ), якая з'яўляецца метадычным і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк ВНУ Беларусі. Ініцыятарам і кіраўніком стажыроўка выступіла намеснік дырэктара па новых тэхналогіях ФБ БДУ Мая Уладзіміраўна Сянько.

Пяць дзён дырэктары, загадчыкі і вядучыя спецыялісты бібліятэк ВНУ вывучалі новыя тэхналогіі, формы і метады ў бібліятэчнай дзейнасці, абменьваліся вопытам, пашыралі прафесійныя кантакты. У працэсе стажыроўкі вывучаны арганізацыйныя структуры і інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне бібліятэк БДУ, АУППРБ, БДЭУ, БДПУ, БДТУ і праектная дзейнасць у Цэнтральнай бібліятэцы ім. Я. Купалы. У БелСГБ ім. І.С. Лупіновіча для стажораў быў праведзены семінар «Сістэма аўтаматызацыі бібліятэк ІРБІС 64 і прадукты сямейства ІРБІС 64», які выклікаў вялікую цікавасць, т.я. тры бібліятэкі з чатырох працуюць менавіта ў гэтай аўтаматызаванай бібліятэчнай праграме. Супрацоўнікі БелСГБ дапамаглі разабрацца і адказаць на цяжкія пытанні па працы ў праграме. Так як бібліятэкі ВНУ інфармацыйна забяспечваюць не толькі адукацыйны працэс, але і суправаджаюць навуковую і даследчую дзейнасць вучоных універсітэта, то і цікавасць да практычных заняткаў па гэтай тэматыцы была вельмі высокая. Бібліятэкары даведаліся, як ствараць профіль арганізацыі і аўтарскія профілі ў індэксах цытавання і навуковых сацыяльных сетках, як працаваць з профілямі аўтараў і арганізацыі ў РІНЦ, тым самым павышаць бачнасць публікацый вучоных для сусветнай супольнасці, павышаць індэкс Хірша вучоных ВНУ і самога універсітэта.

Лекцыя намесніка начальніка Упраўлення міжнародных сувязей БДУ В.М. Галынскага дазволіла даведацца пра магчымасці бібліятэкі ў павышэнні рэйтынгу ўніверсітэта.

На працягу ўсяго тыдня перад бібліятэкарамі-стажорамі выступалі з лекцыямі і прэзентацыямі вядучыя спецыялісты ФБ БДУ, у якіх ёсць чаму павучыцца і нешта з вопыту работы якіх можна ўкараняць у сваіх бібліятэках. Гэта М.У. Сянько (намеснік дырэктара па новых тэхналогіях), Т.І. Ларкова (навуковы сакратар), А.Я. Вараб'ёва (заг. аддзела інфармацыйнага абслугоўвання навуковых даследаванняў), А.Ч. Мілюнец (заг. аддзела інфармацыйнага суправаджэння публікацыйнай дзейнасці), А.У. Салаўёва (заг. навукова-метадычным аддзелам), Н.Л. Карбановіч (заг. аддзела камплектавання інфармацыйных рэсурсаў), І.І. Закрэўская (заг. аддзела кіравання бібліятэчным фондам) і іншыя вядучыя спецыялісты.

Пандэмія ўсіх нас крыху раз'яднала і гэта было першае сумеснае мерапрыемства, у выніку якога зноў адновяцца кантакты, будзе перадавацца вопыт і веды, а значыць работа бібліятэкараў будзе больш эфектыўнай.

​​​​​​​