Прадстаўнікі ПалесДУ – удзельнікі маладзёжнага форуму “Беларусь помніць”

​​​​​​​14 верасня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне маладзёжнага форуму “Беларусь помніць”. У сценах Дома Урада сабраліся маладыя гісторыкі: студэнты, аспіранты, магістранты ўстаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Палескі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўлялі дацэнт кафедры міжкультурных камунікацый ПалесДУ, к.г.н. І.Э. Яленская, студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і фінансаў Ганна Джумаліева і студэнтка 3 курса інжынернага факультэта Вольга Вастравухава.

Сімвалічна, што ў 1939 годзе ў сценах будынка беларускага парламента была падпісана Дэкларацыя Беларускага народнага сходу аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. А сёння ў гэтым жа месцы ўдзельнікі моладзевага форуму, разглядаючы гістарычныя падзеі 1920-1930-х гадоў, гаварылі пра сучасныя пагрозы нашай дзяржаўнасці і нашай бяспецы.

Арганізатарам форуму выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч. Актыўны ўдзел у рабоце маладзёжнага форуму прымала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Пінскай акругі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Валянціна Канстанцінаўна Бегеба.

Па завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі форуму прынялі рэзалюцыю, у якой асудзілі каланізатарскую дыскрымінацыйную палітыку польскай дзяржавы ў адносінах да беларускага насельніцтва заходніх абласцей Беларусі ў 1921-1939 гг., нагадалі аб барацьбе нашых продкаў з паланізацыяй і парабашчэннем і аб гістарычным значэнні ўз’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе. Акрамя таго, у рэзалюцыі асуджаецца палітыка сучаснай польскай дзяржавы, якая ігнаруе гістарычныя факты, гераізуе антысавецкія бандфарміраванні, знішчае ваенныя мемарыялы і па-ранейшаму  лічыць частку беларускіх тэрыторый сваёй сферай уплыву.