Дзясяты абласны Форум  валанцёраў Чырвонага Крыжа

​​​​​​​З 27 па 29 студзеня адбыўся Х абласны Форум валанцёраў Чырвонага Крыжа, у якім прыняў удзел студэнт факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця Антон Сцепанюк. Форум праходзіў у некалькі этапаў. На падрыхтоўчым этапе адбыліся гульні  на знаёмства, майстар-класы з наведваннем цэнтра бяспекі МНС. У межах вечаровай праграмы “Вечары рэгіёнаў” удзельнікі Форуму рыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю пра свой раён: расказвалі пра выдатныя мясціны свайго горада і мясціны, дзе любіць бываць моладзь. Кожны прадставіў нацыянальную страву, якая з’яўляецца папулярнай у рэгіёне, падрыхтаваў нумар мастацкай самадзейнасці. Антон прадставіў яркую прэзентацыю горада Пінска.

Удзельнікі сустрэліся з Генеральным Сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа  Дзмітрыем Шаўцовым, у межах арганізаванай дыскусіі кожны ўдзельнік форуму  змог задаць пытанне. Па выніках галасавання Антон Сцепанюк быў абраны членам Абласнога Валанцёрскага Савета. Дзякуючы форуму рабяты атрымалі  вопыт і веды, якія спатрэбяцца ў далейшай іх дзейнасці і стануць асновай для плённага супрацоўніцтва сярод валанцёраў і аб’яднання намаганняў для вырашэння сацыяльна-значных праблем. Усе ўдзельнікі Х абласнога Форуму валанцёраў атрымалі сертыфікаты.