ПалесДУ акрэдытаваўся як навуковая арганізацыя

​​​​​​​13 чэрвеня 2023 года адбылося пасяджэнне міжведамаснай камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка ГУСАКОВА Уладзіміра Рыгоравіча. Адным з пытанняў для разгляду была ацэнка вынікаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта як навуковай арганізацыі (за 2018 – 2022 гг.).

З мэтай дыверсіфікаванага аналізу функцыянуе міжведамасная камісія па акрэдытацыі, якая ўключае экспертаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, профільных міністэрстваў. Акрэдытацыйная справа раскрывае функцыянаванне ПалесДУ па наступных ключавых накірунках: наяўнасць фундаментальных, прыкладных НДК(Т)Р; кадравы навуковы патэнцыял; наяўнасць і характарыстыка навукова-педагагічных школ; матэрыяльна-тэхнічная база для ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці; выніковасць навукова-даследчай працы; укараненне вынікаў НДР; падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі; арганізацыя навукова-даследчай работы навучэнцаў і яе эфектыўнасць; міжнароднае навуковае супрацоўніцтва.

У экспертаў, якія выконвалі папярэднюю ацэнку, а таксама ў межах пасяджэння камісіі не было заўваг важкага характару да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці нашага ўніверсітэта за 2018 – 2022 гг., што адбілася ў станоўчым кансалідаваным заключэнні аб акрэдытацыі ПалесДУ як навуковай арганізацыі тэрмінам на пяць гадоў. Выказваем шчырую падзяку ўсім нашым навукоўцам і спецыялістам, якія забяспечылі сваёй працай такі вынік!!!