Міжнародны дзень пісьменнасці, заснаваны 26 кастрычніка 1966 года дэлегатамі 14-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, штогод адзначаецца 8 верасня з мэтай нагадаць аб важнасці пісьменнасці ў жыцці людзей і грамадства ў цэлым, а таксама аб неабходнасці далейшых намаганняў па яе распаўсюджванню. Гэтае свята нясе ў сабе глыбокі сэнс і важны для грамадства пасыл - памятаць аб важнасці атрымання ведаў кожнаму, аб неабходнасці быць пісьменным і не пераставаць развівацца і навучацца. Бо зараз пісьменнасць - гэта не проста ўменне пісаць, чытаць і лічыць, а асноўны інструмент удзелу чалавека ў грамадскім і эканамічным жыцці сваёй краіны.
Да гэтай даты ў чытальнай зале бібліятэкі (вучэбны корпус №1) арганізавана кніжная выстава “Як добра ўмець чытаць, пісаць, думаць, разважаць…”. На ёй прадстаўлены кнігі, у якіх змяшчаюцца тэарэтычныя звесткі і практычны матэрыял аб асноўных пытаннях культуры маўлення, разглядаецца спецыфіка зносін у міжкультурнай камунікацыі. Экспануемыя выданні прапануюць звесткі аб сістэме норм сучаснай беларускай і рускай моў, спецыфіцы іх функцыянавання ў дзелавой і працэсуальнай дакументацыі, аб асаблівасцях дзелавога стылю і жанравай разнастайнасці дакументаў, неабходных у прафесійнай дзейнасці.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии