Штогод 22 сакавіка ўся Беларусь ушаноўвае памяць загінуўшых жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў на тэрыторыі нашай краіны, знішчаных карнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Хатынь адна з сотняў беларускіх вёсак, спаленых разам з жыхарамі. Адно з сотняў месцаў масавага знішчэння мірнага насельніцтва.
Гістарычныя факты бязлітасныя, і расказ пра Хатынь не можа нікога пакінуць абыякавым. 149 жыхароў, сярод якіх - 75 дзяцей, 22 сакавіка 1943-га года былі спалены жыўцом нямецкімі захопнікамі. Сама вёска разрабавана і знішчана. У жывых засталося 6 чалавек. Гісторыя Хатыні не ўнікальная. Гэта сімвал трагедыі беларускага народа. 628 вёсак падзялілі лёс Хатыні падчас Вялікай Айчыннай вайны. 186 з іх так і не былі адноўлены.
У памяць аб ахвярах фашызму ў 1969 годзе быў створаны мемарыяльны комплекс "Хатынь". На выставе-праглядзе “Хатынь…Трагедыя і памяць” экспануецца шэраг выданняў, якія прадстаўляюць памятнае месца, якое наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але і грамадзяне дзясяткаў краін свету. Прадстаўленыя на экспазіцыі матэрыялы нагадаюць пра страшныя падзеі тых часоў, пазнаёмяць з успамінамі сведкаў той трагедыі.
Запрашаем наведаць чытальную залу бібліятэкі навучальнага корпуса №1 і азнаёміцца з выставай-праглядам “Хатынь…Трагедыя і памяць”.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии