12 красавіка ў ліцэі ПалесДУ прайшлі адзіныя ўрокі, прысвечаныя Міжнароднаму дню палёту чалавека ў космас. У фокусе абмеркавання - першыя заваёўнікі космасу, першы касманаўт суверэннай Беларусі, уклад нашай краіны ў сусветную касмічную гісторыю, выкарыстанне "касмічнай" інфармацыі, навуковая праграма беларускага касманаўта. У рамках урокаў навучэнцы разам з класнымі кіраўнікамі глядзелі відэасюжэты, працавалі ў групах, адказвалі на пытанні віктарыны.
Асаблівая ўвага на ўроках была нададзена апошнім падзеям: палёт у космас першага касманаўта суверэннай Беларусі Марыны Васілеўскай. Наша суайчынніца на МКС выканала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з "Раскосмасам" і Расійскай акадэміяй навук. Цяперашні статус Васілеўскай выводзіць нашу краіну на новы касмічны ўзровень. А яшчэ ў Марыны была даўняя асабістая мара і яна яе здзейсніла – на вачах усяго свету наша беларуска ўзляцела вышэй за неба.
11 красавіка, першай беларускай касманаўтцы было прысвоена званне Героя Беларусі - залатую зорку ёй уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці. Пасля завяршэння размовы навучэнцы прыйшлі да думкі аб тым, што мы самі ствараем сцэнарый нашага будучага жыцця і кожны з нас нясе адказнасць за будучыню краіны і нашага свету.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии