21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы адбыліся ў Палескім дзяржаўным універсітэце. У фае вучэбнага корпуса №2 ПалесДУ 21 лютага была арганізавана гульня “Адкрываю нанова беларускае роднае слова…” і праведзена акцыя “Чытаем вершы пра родную мову” пад кіраўніцтвам Жылевіч Вольгі Фёдараўны, загадчыцы кафедры лінгвістыкі і прафесійнай камунікацыі інжынернага факультэта.

Вядучымі гульні былі студэнты групы 22ЛМК-2 Ксенія Чэрнік, Анастасія Семірская, Арсеній Саладкоў. Маладыя людзі распавялі ўсім, хто зацікавіўся мерапрыемствам і далучыўся да свята, гістарычныя і навуковыя факты пра нашу родную беларускую мову і прапанавалі кожнаму праверыць сябе на веданне беларускай мовы ў мовазнаўчай віктарыне. Студэнты і выкладчыкі адказвалі на пытанні вядучых. Прыемна, што амаль на ўсе прагучалі правільныя адказы. Тое, што моладзь ведае беларускую мову, гісторыю яе развіцця сведчыць аб паважлівым стаўленні да мовы продкаў, да нацыянальнага скарба, які беражліва захоўваўся і дастаўся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў.

У фае працавала выстава прадметаў народнай творчасці беларусаў, а таксама была наладжана прэзентацыя з выказваннямі беларускіх пісьменнікаў, мовазнаўцаў, грамадскіх дзеячаў і дзеячаў культуры пра важнасць роднай мовы для кожнага беларуса.

Тым, хто не мог затрымацца на мерапрыемстве, было прапанавана далучыцца да акцыі “Чытаем вершы пра родную мову”. Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта атрымалі карткі з вершамі беларускіх паэтаў, што змяшчаюць цёплыя словы ў адрас роднай беларускай мовы. Кожны меў магчымасць прачытаць вершы ў зручны для сябе час.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, меладычная і паэтычная, старажытная і сучасная. “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, – у свой час слушна заўважыў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Мы памятаем яго словы і шануем родную беларускую мову.