
22 сакавіка – у Дзень памяці Хатынскай трагедыі ў чытальнай зале бібліятэкі (аўд. 3332, вул. Пушкіна, 4) адкрылася кніжная выстава “Я з вогненнай вёскі”. Менавіта 22 сакавіка 1943 года былі спалены жыхары гэтай беларускай вёскі. Фашысты абарвалі за адзін дзень жыццё 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Адзіны дарослы сведка Хатынскай трагедыі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы і паранены, апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго параненага сына, але не змог яго выратаваць. Гісторыя Хатыні не ўнікальная. Падчас Другой сусветнай вайны былі спалены жыўцом 628 беларускіх вёсак. 186 з іх так і не былі адноўлены. Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа. У 1969 годзе ў памяць аб усіх загінуўшых беларусах на месцы былой вёскі быў адкрыты мемарыял. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – даніна памяці ўсім загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны, трагічны напамін аб жахах вайны. Гэта адно з найбольш шанаваных мясцін у Беларусі.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии