Інтэрв'ю Першага намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Старавойтавай Ірыны Анатольеўны студэнту ПалесДУ

Ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню ведаў і пачатку навучальнага года, у ПалесДУ прымала ўдзел Першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Старавойтава Ірына Анатольеўна. Студэнт трэцяга курса факультэта эканомікі і фінансаў Мікіта Літвінчук задаў пытанні, якія цікавяць  студэнтаў. Ірына Анатольеўна з задавальненнем і цікавасцю пагутарыла з прадстаўніком студэнцкай супольнасці нашага ўніверсітэта.

 У гэтым годзе ва ўніверсітэце адкрыты дзве новыя спецыяльнасці: біяхімія і кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў. Якія яшчэ, на Вашу думку, прафесіі будуць запатрабаваныя ў бліжэйшы час?

 Вельмі няпростае пытанне, бо веды састарваюцца адзін раз у тры гады, як палічылі навукоўцы-эксперты. І таму, вядома, абнаўленне, з'яўленне новых спецыяльнасцяў - гэта найважнейшая наша з вамі работа. У першую чаргу, адкрыццё спецыяльнасцяў залежыць ад патрэбаў эканомікі. Калі ўніверсітэт заяўляе аб тым, што яны прапрацавалі пытанне, узаемадзейнічаюць з заказчыкамі кадраў, бачаць, што гэтая спецыяльнасць і спецыялісты будуць запатрабаваныя ў арганізацыях і на прадпрыемствах, то, улічваючы наяўнасць або адсутнасць такіх спецыяльнасцяў у цэлым па краіне, мы прымаем рашэнне ў дадзеным выпадку ў падтрымку прапановы ўніверсітэта. Неабходна памятаць, што за прыгожай назвай спецыяльнасці сапраўды павінна быць інавацыйнасць і, самае галоўнае, запатрабаванасць. Калі іх няма, то тады адбываецца наступнае: патэнцыйны абітурыент бачыць прыгожую назву, новую спецыяльнасць, але не зусім разумеючы, дзе і якім спецыялістам ён будзе ў будучыні, паступае, а потым могуць узнікаць ужо іншыя складанасці. Вось для таго, каб гэтага пазбегнуць, пры адкрыцці спецыяльнасці адпрацоўваюцца ўсе пытанні: патрэбнасці эканомікі, яе змястоўныя пытанні. Ну а ўжо сама назва спецыяльнасці ў пэўнай меры справа творчасці і вопыту.

Наш універсітэт таксама не стаіць на месцы і таксама дапрацоўвае пытанні прафарыентацыйнай работы з будучымі абітурыентамі. Студэнты і выкладчыкі, наведваючы каледжы, школы, не толькі знаёмаць у агульным аб спецыяльнасцях, а распавядаюць пра тое, як на самой справе адбываецца падрыхтоўка будучых спецыялістаў, што мы вывучаем і кім станем у будучыні. Гэта вельмі важны момант, на самой справе.

Разумееце, тут яшчэ вельмі важна, каб заказчык кадраў сам ініцыяваў фарміраванне тых кампетэнцый, якія неабходныя супрацоўніку той ці іншай спецыяльнасці, і, таму, у першую чаргу, заказчык кадраў павінен быць тым самым ініцыятыўным звяном. Але адбываецца па-рознаму. Дзесьці заказчык кадраў - ініцыятар, а дзесьці сам універсітэт прапрацоўвае гэтыя пытанні. Тут, я перакананая, вельмі важна арганізаваць супрацоўніцтва і інтэграцыю. Нездарма мы рэалізуем задачу не толькі фундаментальна якаснай адукацыі, але яшчэ адначасова з гэтым практыка-арыентаванага навучання.

 Я мяркую, што ў нас гэта атрымліваецца. Дарэчы кажучы, усе студэнты праходзяць практыку з першага курса, бо вельмі важна паспрабаваць сваю спецыяльнасць на практыцы. Ну і вядома, для нас важная прафарыентацыйная работа ў школах, установах адукацыі, калі школьнік вызначаецца ў выбары той ці іншай спецыяльнасці, прафесіі. Нам важна, каб ён паспрабаваў сябе ў некалькіх кірунках.

Як вы можаце ахарактарызаваць сучаснага студэнта? Чым, на Вашу думку, ён адрозніваецца ад студэнта 15-20 гадоў таму?

 Вы ведаеце мне здаецца, што тады, калі мы атрымлівалі першую вышэйшую адукацыю, у нас не было такога інфармацыйнага асяроддзя. Мабільных тэлефонаў і нават камп’ютараў тады не было ў кожнай сям'і. А сёння студэнт знаходзіцца ў адкрытай інфармацыйнай прасторы, спосабы зносін адзін з адным і камунікацый сталі іншымі. Адначасова з гэтым такая камунікацыйная асаблівасць сучаснага студэнцтва не павінна прыводзіць да нейкіх складанасцяў у зносінах у жыцці. Гэта вельмі важны складнік, гэта азначае, што ва ўніверсітэце неабходна арганізаваць жыццё, якое будзе актыўным у фармаце непасрэдных зносін адзін з адным. Гэта могуць быць розныя формы зносін, абмеркаванні, сумесныя падзеі. Бо, калі мы страцім гэта ўзаемадзеянне, нейкую чалавечую эмпатыю адзін да аднаго, то, напэўна, тады могуць узнікнуць іншыя складанасці. Цяжка потым і на працоўным месцы, таму што закрыцца ад калектыва цалкам немагчыма, а вынік без ўзаемадзеяння з калектывам немагчымы. Дасягненне мэты магчыма толькі ў адзінстве. Сучасная моладзь, вядома, і адукаваная, і начытаная. А тыя напрамкі, у якіх моладзь знаходзіць інтарэс, часта цікавыя і майму пакаленню. Нечаму мы можам у вас і павучыцца. Разумееце, тут вельмі важна, каб б моладзь прыслухоўвалася да вопыту старэйшага пакалення, разумела і ўсведамляла значнасць гэтага вопыту. А з іншага боку і дасведчаны, дарослы чалавек павінен прыслухоўвацца да моладзі, таму што вы інакш разважаеце, вы дзейнічаеце па іншаму. Але толькі ў сумесным адзінстве моладзі і старэйшага пакалення, нам удасца пазбегнуць памылак, а моладзевыя ініцыятывы заўсёды знойдуць водгук, таму што вы бачыце свет трошкі іншымі вачыма, таму што вы глядзіце наперад. Вы - будучыня нашай краіны, вы тыя, хто будзе далей выбудоўваць, развіваць краіну, вы тыя, ад каго залежыцьбудучыня нашай краіны. Вы павінны заўсёды памятаць, якія падзеі адбываліся на тэрыторыі нашай краіны, бачыць факты і аналізаваць іх, рабіць высновы і заўсёды памятаць пра тое, што ў вас ёсць ваша любімая краіна. Ад вас вельмі шмат што залежыць, і наша з вамі задача - не страціць сувязь пакаленняў.

Ваш наказ студэнту, які хоча дасягнуць поспехаў у жыцці і кар'еры?

 У першую чаргу, развівайце сябе ўсё сваё жыццё. Прынцып «адукацыя праз усё жыццё» - гэта не проста прыгожая думка, гэта сапраўды тое, што вы павінны несці праз усё жыццё. Пастаянна самообразовываться, ніколі не спыняйцеся. Як толькі вы сказалі «я прафесіянал», ведайце, што з гэтай хвіліны вы спыніліся ў развіцці. Вельмі хутка развіваецца эканоміка, шмат новых інавацыйных ідэй, ствараюцца новыя прадпрыемствы, узнікаюць новыя формы сацыякультурнага ўзаемадзеяння. А вы заўсёды павінны ісці ў нагу з часам. Вось тады вы будзеце паспяховыя. Важна, што б у вас была ўнутраная патрэба і жаданне расці прафесійна. Кожны малады чалавек, я ў гэтым перакананая, можа дасягнуць той мэты, якую для сябе пазначыў. Выразна вызначыце тыя крокі, якія неабходна ў жыцці рэалізаваць. Галоўнае знайсці сваю нішу, быць шчаслівымі, каб б вашы інтарэсы і прафесійныя напрамкі супадалі.

Наш універсітэт пераступіў 15-гадовую мяжу. Вашы пажаданні студэнтам і супрацоўнікам ПалесДУ?

Хочацца пажадаць кіраўніцтву і ўсяму выкладчыцкаму саставу вялікіх поспехаў у падрыхтоўцы спецыялістаў, новых ідэй, а студэнтам –дасягненняў у вучобе, энтузіязму і працавітасці; Палескі дзяржаўны ўніверсітэт працягне свой імклівы шлях развіцця і ўмацоўвае пазіцыі ў рэспубліканскай і міжнароднай навукова-адукацыйнай супольнасці. Здароўя ўсім, поспехаў і ўдачы!