24 верасня 2021 года ў рамках пашырэння навукова-тэхналагічнага супрацоўніцтва з профільнымі вучэбна-інавацыйнымі цэнтрамі прадстаўнікі кафедры тэхналогій аквакультуры інжынернага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта з рабочым візітам наведалі кафедру іхтыялогіі і рыбаводства (загадчык Барулін Мікалай Валер'евіч) установу адукацыі «Беларуская дзяржаўная ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі і ордэна працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія».
У склад дэлегацыі ПалесДУ ўвайшлі: дэкан інжынернага факультэта Штэпа Уладзімір Мікалаевіч, загадчык кафедры Шумак Віктар Віктаравіч, дырэктар навукова-тэхналагічнага парку ТАА «Тэхнапарк Палессе» Козыр Аляксей Віктаравіч, дацэнт кафедры Астранкоў Андрэй Валер'евіч, кіраўнік ВНЛ «Інжынірынгавы цэнтр» Ярмаш Віктар Васільевіч, аспірант Літвінчук Кірыл Генадзьевіч.
У першай частцы сустрэчы маладыя навукоўцы нашага ўніверсітэта прэзентавалі вынікі сваіх навуковых даследаванняў: «Удасканаленне тэхналагічных прыёмаў узнаўлення і вырошчвання рыбапасадачнага матэрыялу кларыевага сама», «Спосабы павышэння рэсурсаэфектыўнасці ў індустрыяльнай цеплаводнай рыбнай гаспадарцы», «Перспектывы выкарыстання ферментаванага ячменю ў якасці кармавой дабаўкі ў рацыёне гадавікоў карпа».
Пасля праслухоўвання дакладаў і канструктыўнай дыскусіі супрацоўнікі БДСГА азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай кафедры іхтыялогіі і рыбаводства. Асаблівую практычную цікавасць выклікалі вытворчыя магутнасці рыбаводнага індустрыяльнага комплексу ААТ «Фарэлевая гаспадарка Лохва»: у склад рыбакомплекса ўваходзіць 4 модулі з незалежнымі сістэмамі забеспячэння жыццядзейнасці рыб.
Выказваем падзяку супрацоўнікам кафедры іхтыялогіі і рыбаводства УА «Беларуская дзяржаўная ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія» і асабіста Баруліну М.В. за арганізацыю прадуктыўнай рабочай сустрэчы.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии