Новыя спартыўныя поспехі студэнтаў і ліцэістаў ПалесДУ

У ПалесДУ вялікая ўвага надаецца развіццю спорту: праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы і спаборніцтвы для студэнтаў, ліцэістаў, супрацоўнікаў і выкладчыкаў. Студэнты і навучэнцы ўніверсітэта і ліцэя рэгулярна пацвярджаюць свой высокі спартыўны ўзровень на розных спаборніцтвах.

Так, 23 кастрычніка ў г.Мінску прайшлі адкрытыя спаборніцтвы "Tendai cup" па каратэ. Навучэнка спецыялізаванага па спорце 10 "Г" класа ліцэя ПалесДУ Роля Мілена заняла 1 месца ў індывідуальным ката ва ўзроставай катэгорыі 14-15, 1 месца ў камандным ката 14-17 і 2 месца ў індывідуальным ката 16-17.

А на міжнацыянальным спартыўна-патрыятычным фестывалі "Перамагчы і вярнуцца" імя Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Генадзя Мікалаевіча Зайцава, які праходзіў 24 кастрычніка ў гарадской акрузе Люберцы Маскоўскай вобласці, Барычэўскі Мікіта, студэнт 4 курса факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця заняў 1 месца, а навучэнка спецыялізаванага па спорце 10 "Г" класа ліцэя Алейнік Вікторыя заняла 2 месца ў спаборніцтвах па каратэ шатакан сярод юніёрак 16-17 гадоў і 2 месца сярод дзяўчынак 14-15 гадоў.

​​​​​​​

26 кастрычніка на адкрытым турніры горада Мінска па каратэ Кёкусінкай студэнты факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця Палюховіч Данііл і Гардзяйчук Максім паказалі высокі клас выступлення і занялі другія месцы ў вагавых катэгорыях да 70 кілаграм і 80 кілаграм сярод мужчын старэйшых за 18 гадоў.

Віншуем пераможцаў і жадаем новых дасягненняў і перамог!