18 лістапада 2022 года ў фармаце відэаканферэнцыі адбыўся круглы стол на тэму “Беларусь – Кітай: развіццё акадэмічнай мабільнасці студэнтаў” са студэнтамі Яньтайскага ўніверсітэта (Кітайская Народная Рэспубліка), арганізаваны аддзеламі міжнародных сувязей Яньтайскага ўніверсітэта (Кітайская Народная Рэспубліка) і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У ПалесДУ мерапрыемства адбылося на базе Цэнтра беларуска-кітайскіх міжкультурных камунікацый. Мадэратарам ад беларускага ўніверсітэта выступіла Манкевіч Ганна Андрэеўна, выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый, з боку Яньтайскага ўніверсітэта – выкладчык кафедры замежных моў Mr. Andy Yu.
Даклады прадставілі студэнты факультэта эканомікі і фінансаў спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)” Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Васінкевіч Алеся, Дземянчук Марк, Аскірка Захар, Сухарэвіч Уладзіслаў і інш. У якасці дакладчыкаў з боку Яньтайскага ўніверсітэта выступілі студэнты факультэта замежных моў CAO Mengfei, WAN Jintao, SHAO Zichuan, Liu Chu і інш. Агульная колькасць удзельнікаў склала каля 40 чалавек.
Круглы стол пачаўся са знаёмства студэнтаў з універсітэтамі абедзвюх краін. Былі прадстаўлены прэзентацыі навуковага і адукацыйнага патэнцыялу Яньтайскага ўніверсітэта і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Студэнты абмяняліся інфармацыяй аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі і Кітая. Працягнуўся круглы стол выступленнямі студэнтаў, прысвечаных іх студэнцкаму жыццю, іх захапленням і перспектывам прафесійнага развіцця. Мерапрыемства суправаджалася актыўным дыялогам студэнтаў па пытаннях адукацыі, культуры, акадэмічнай мабільнасці, уласнага асабістага развіцця як будучых кваліфікаваных спецыялістаў. Фармат дадзенай сустрэчы выклікаў цікавасць з абодвух бакоў. У межах круглага стала былі акрэслены перспектыўныя накірункі супрацоўніцтва ў галіне акадэмічнай мабільнасці.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии