8 лютага ў другім корпусе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўручэнне дыпломаў выпускнікам спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (па накірунках)” на кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту. Упершыню Палескі дзяржаўны ўніверсітэт прысвоіў выпускнікам кваліфікацыю “Спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт (англійская мова, нямецкая мова/кітайская мова)”.
На ўрачыстай цэрэмоніі прысутнічала загадчык кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту Алена Аляксандраўна Грачышкіна, выкладчыкі кафедры – Селюжыцкая Л.М., Ізотава Л.А., Каржаневіч Ю.В., Мартыновіч В. Р.
Варта адзначыць, што 27-28 студзеня выпускнікі паспяхова здалі комплексны дзяржаўны экзамен па спецыяльнасці. Сярэдні бал КДЭ склаў – 8,14. А 3 і 4 лютага яны з годнасцю абаранілі свае дыпломныя праекты. Сярэдні бал – 8,43. Усе выпускнікі паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, практычных даследаванняў у мове, лінгвістыцы і маркетынгу. Старшыня комплекснага дзяржаўнага экзамену Алена Стэфанаўна Ігнатовіч, загадчык кафедры моладзевай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, дацэнт, кандыдат педагагічных навук, а таксама члены экзаменацыйнай камісіі Вольга Анатольеўна Хмель, прарэктар па выхаваўчай рабоце, дацэнт кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту, кандыдат эканамічных навук, Вольга Фёдараўна Жылевіч, дацэнт кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту, кандыдат філалагічных навук; Людміла Мікалаеўна Селюжыцкая, старшы выкладчык кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту ацанілі падрыхтоўку выпускнікоў, адзначылі высокі навукова-метадалагічны ўзровень дыпломных даследаванняў і з гонарам прысвоілі ўсім студэнтам кваліфікацыю “Спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт (англійская мова, нямецкая мова/кітайская мова)”.
Паспяховага шляху, дарагія выпускнікі!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии