20 снежня ў сценах Косаўскага палаца прайшоў традыцыйны навагодні баль для таленавітых прадстаўнікоў моладзі Брэстчыны. Запрашэнні на ўрачыстасць атрымалі больш за 50 юнакоў і дзяўчат - лепшыя студэнты і навучэнцы. Гэта пераможцы алімпіяд і конкурсаў, спартыўных турніраў, удзельнікі розных сацыяльных праектаў. З лепшымі з лепшых маладых людзей Брэсцкай вобласці сустрэўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Краўчук Вадзім Васільевіч.
Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на чале з рэктарам Дунаем Валерыем Іванавічам прадставілі студэнты чатырох факультэтаў: Турбан Кацярына (факультэт эканомікі і фінансаў), Марашкіна Аляксандра (біятэхналагічны факультэт), Шашолка Данііл (інжынерны факультэт), Сяменковіч Веніямін (факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця).
Ад імя моладзі Брэстчыны студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта выказалі словы падзякі за падтрымку маладзёжных ініцыятыў, за стварэнне ўсіх неабходных умоў для рэалізацыі моладзі першага рэгіёна ў адукацыі, навуцы, спорце і культуры і паднеслі памятны сувенір, які папрасілі перадаць старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрыю Вітольдавічу Шулейка.
Галоўнай танцавальнай пляцоўкай стала белая зала Косаўскага палаца. Баль пачаў распарадчык, абвясціўшы па традыцыі першым танцам паланэз. Таксама маладыя людзі круціліся ў вальсе, танцавалі лансье, польку, паўночную кадрылю і іншыя класічныя бальныя танцы. Акрамя незабыўных эмоцый ад самога балю маладыя людзі атрымалі і навагоднія падарункі.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии