Тыдню лесу-2021 прысвячаецца

Беларускiя словы пра лес

Тыдню лесу-2021 прысвячаецца

Складальнiк Я. Юрчанка

 

Каля пасады леснiковай

Цягнуўся гожаю падковай

Стары, высокi лес цянiсты.

Тут верх асiны круглалiсты

Сплятаўся з хвоямi, з дубамi,

А елкi хмурымi крыжамi

Высока ў небе выдзялялiсь,

Таемна з хвоямi шапталiсь.

Заўсёды смутныя, бы ўдовы,

Яны найбольш адны стаялi,

I так маркотна пазiралi

Iх задуменныя галовы!

Лес наступаў i расступаўся,

Лужком зялёным разрываўся;

А дзе прыгожыя загiбы

Так мiла йшлi каля сядзiбы,

Што проста iмi б любаваўся.

А знiзу гэты лес кашлаты

Меў зелянюсенькiя шаты

Лазы, чаромхi цi крушыны,

Алешын лiпкiх, верабiны.

 

А як прыгожы пуцявiнкi

Ў шаўках зялёнае травiнкi!

Якiя мяккiя iх рысы

I павароткi iх, абрысы!

Iдуць, звiваюцца, лучацца...

Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!

Якуб Колас «Новая зямля»

 

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы.

Яўгенія Янішчыц

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы,

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!

Пятрусь Броўка

 

Лес і вада – родныя брат і сястра.

Беларуская прымаўка

 

Адзiн дуб у полi, то не лес.

Беларуская прымаўка

 

У сасновым лесе малiцца, у бярозавым любiцца, у дубовым волю каваць, у яловым душу д'яблу прадаваць.

У. Караткевіч «Кніганошы»

 

Лес выхаваў характар беларуса, наш чалавек і лес родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны ‒ карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлымі бародамі сівога імху на ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але на выгляд чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Любіць сонечны россып папараці і зарасці ляшчыны, і больш паўдзённыя лясы, дзе трапляюцца ўжо дубы, грабы, ліпы. І, вядома ж, шырокалістоўныя лясы поўдня з брызглінай, бружмелем, грабам, цісам, рабінай, калінай і магутным разнатраўем ля ступ лясных волатаў.

Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя і балотныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так («уехаў у лес, бы ў кажух улез»), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.

Многія лесанарыхтоўшчыкі «гоняць план»..., ёсць яшчэ браканьеры і людзі, якія жывуць па прынцыпе «хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар». ...Але... Душа зямлі ходзіць лесам і кажа: «Сячыце, сячыце! Не будзе дрэваў і мяне не будзе».

У. Караткевіч «Зямля пад белымi крыламi»

 

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,

І ты, дзяўчынка дарагая,

Лес гэты цёмны, лес падгалы,

Што з веку ў век нам байкі бае?

 

Цікавым вокам і душою

Шмат пераняць чаго там можна,

Як там усё само сабою

Жыве паважна, асцярожна.

 

Там звер туды-сюды шнуруе,

На галлі птушка там трасецца,

Там хвойка з хвойкаю талкуе,

Як дзе кума з кумой на рэчцы.

 

Зімой сапе сцюдзёнай думай,

Улетку песнямі уп’ешся,

А ўвосень там — ах, шумы, шумы!

Не чуй — слязою абліешся!

 

Няхай жа свісне ў ім сякера:

Застогне бедны ён, застогне...

О пушча, цёмная не ў меру,

Чыя душа з табой не дрогне?!

Янка Купала «Лес»

 

Як лec бeзгaлocы,

Мы пaд cякepaй, дык xaй жa пaчyeццa ў cвeцe

Гycaўцa гoлac мiж вoлaтaў нaшыx пyшчaнcкix.

 

Мiкoлa Гycoўcкi «Пecня пpa зyбpa», пepaклaд  Я. Сeмяжoнa