Праект новай Канстытуцыі Беларусі прадставілі Прэзідэнту

На пасяджэнні з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму ўжо прадставілі новы варыянт галоўнага дакумента краіны.

- Канстытуцыйная камісія правяла пэўную работу, прапанавала свае варыянты, а цяпер рабочая група спецыялістаў, створаная распараджэннем Прэзідэнта, працуе над шліфоўкай гэтай Канстытуцыі. І, калі ўжо па-народнаму гаварыць, прапісвае гэтую Канстытуцыю юрыдычнай мовай, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Перад рабочай групай стаяла задача адпрацаваць прынцыповыя пытанні, якія тычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных змен. Галоўныя з іх, паводле слоў Прэзідэнта, - замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаванне збалансаванасці дзяржапарату і іншыя. Пры гэтым важна, перакананы Аляксандр Лукашэнка, ні ў якім разе не разбураць сістэму ўлады, якая існуюе ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што таксама хацеў бы пачуць, чым было матывавана выключэнне некаторых артыкулаў і асабліва дабаўленне новых палажэнняў.

 - Думаю, што нам спатрэбіцца яшчэ адно пасяджэнне рабочай групы, а потым, як і дамаўлялiся, мы вынесем варыянт на Канстытуцыйную камісію, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. У далейшым адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта Асноўнага закона, канчатковы варыянт Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум.

Прэзідэнт заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа па абнаўленні Канстытуцыі Беларусі праводзіцца ў інтарэсах большасці грамадзян і для іх.

- Але жыць па гэтым Асноўным законе давядзецца ўсім грамадзянам Беларусі і тым, хто прыедзе ў Беларусь. Закон ёсць закон, - сказаў Прэзідэнт.

Як заявіў у час сустрэчы кіраўнік рабочай групы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, прадстаўлены кіраўніку дзяржавы новы дапрацаваны праект Канстытуцыі - гэта вынік дэталёвага, напружанага абмеркавання менавіта таго праекта, які быў распрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй. Рабочай групай быў прапрацаваны кожны артыкул праекта, пры гэтым актыўнае абмеркаванне працягваецца. Як адзначыў Сяргеенка, асобныя дапаўненні і ўдакладненні ўносяцца нават сёння.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай.

​​​​​​​