У кастрычніку бібліятэкай ПалесДУ была праведзена анлайн-віктарына “Слаўны горад Пінск”. У ёй прынялі ўдзел 57 чалавек. Удзельнікам было прапанавана 18 пытанняў, на якія трэба было абраць адзін з трох варыянтаў адказаў. Пытанні тычыліся гісторыі Пінска, запаведных мясцін і славутасцяў горада. З 57 удзельнікаў толькі 35 адказалі на ўсе пытанні віктарыны, г.зн. былі зацікаўлены ў праверцы сваіх ведаў.
Найбольшыя цяжкасці для ўдзельнікаў выклікала 10-е пытанне: Знакаміты Палац Бутрымовіча быў узведзены па загадзе Матэвуша Бутрымовіча, вядомага палітычнага дзеяча таго часу. А які вядомы палітычны дзеяч беларускай гісторыі заклаў першы камень у падмурак будучага палаца? Правільны адказ ведалі толькі 18 з 35-ці - гэта кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і адбылася гэтая падзея 9 верасня 1784 года.
Толькі 18 з 35-ці ўдзельнікаў адказалі правільна на пытанне аб тым, што менавіта падчас ваеннага паходу Напалеона на Расійскую імперыю адбылася бітва, пры якой удалося захапіць гармату ў якасці трафея. У знак гэтай падзеі ў 1978 годзе ў гарадскім парку Пінска былі ўсталяваныя гранітная глыба з таблічкай і "трафейнай французскай" гарматай ля падножжа.
Пра тое, што святым апекуном горада Пінска з'яўляецца Феадор Цірон і ў яго гонар у 2001 годзе быў асвечаны сучасны праваслаўны храм - Свята-Фёдараўскі сабор у мікрараёне "Лугі" ведаюць толькі 14 удзельнікаў. Святы велікамучанік Феадор Цірон лічыцца праваслаўным нябесным апекуном горада Пінска і патронам пінскага князя Фёдара Яраславіча. Яго пачыталі з XIV стагоддзя, тады на галоўных варотах Пінска заўсёды гарэла лампадка перад абразом святога Феадора ТЦірона.
Заблыталіся ўдзельнікі віктарыны, адказваючы на апошняе, 18-е пытанне аб аўтару знакамітай скульптуры палешуку або "помніка пінчуку". Толькі 17 з 35 адказалі правільна. Аўтарам помніка, адчыненага ў 2017 годзе ў дзень святкавання 920-годдзя горада, з'яўляецца скульптар Аляксей Паўлючук, які жыве і працуе ў Брэсце.
Самым цікавым, на наш погляд, было пытанне аб скульптуры выбітнага савецкага і беларускага мастака і скульптара Сяргея Жылевіча - сімвале "шчасця палешукоў", які пасяліўся ў месцы зліцця Прыпяці і Піны, легендзе горада Пінска - уюне. Правільна адказалі 27 удзельнікаў віктарыны, 7 чалавек выбралі адказ шчупак і 1 - рак. Узгадаў гэтую гісторыю-легенду ў эсэ "Званы ў прадоннях азёр" беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які любіў прыязджаць у Пінск, сплаўляцца па Піне. «Свежаму чалавеку, які ўюноў і на вочы не бачыў, казалі, што каля моста, пад ім, плавае кароль уюноў. Злавілі, маўляў, але такі быў велізарны, сажняў на дзесяць, што не здолелі выцягнуць. Прыкулі на ланцуг, прывязалі да сваі і пакінулі плаваць, як своеасаблівую славутасць горада. Падкармліваюць, каб не здых: усё ж слава гораду. Дык вось, ці не хочаце, васпан, паглядзець? Грыб, зразумела, хацеў. Гэткае дзіва! I вось яны вадзілі па мосце і па берагах, па балоце, глядзелі, "куды адплыў", казалі "вось-вось там, здаецца". А на беразе стаяла куча зявак і ажно надрывала жывоцікі», — пісаў У. Караткевіч у сваім творы.
Былі і іншыя цікавыя і нялёгкія пытанні, з якімі ўдзельнікі справіліся па-рознаму. Па выніках анлайн-віктарыны 14 чалавек правільна адказалі на ўсе пытанні, 15 чалавек дапусцілі 1-2 памылкі і 6 чалавек - 3-4 памылкі. Дзякуем усім, хто прыняў удзел у анлайн-віктарыне!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии