Рэпазітар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта палепшыў пазіцыі ў сусветным рэйтынгу!

3 лютага 2022 года апублікаваны даныя 13-га выдання міжнароднага рэйтынгу TRANSPARENT RANKING: Institutional Repositories by Google Scholar (February 2022). Рэпазітар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта па-ранейшаму застаецца ў дзесятцы найлепшых сярод рэпазітараў, электронных архіваў, электронных бібліятэк Беларусі і займае 8-ю пазіцыю, а таксама з'яўляецца лідэрам па Брэсцкай вобласці. У сусветным рэйтынгу рэпазітар нашай ВНУ ўзняўся на 15 пазіцый і займае 280 месца сярод 4223 інстытуцыйных рэпазітароў.

Рэйтынг "Transparent Ranking of Repositories", як і рэйтынг "Webometrics Ranking of World Universities", з'яўляецца ініцыятывай даследчай групы Cybermetrics Lab. Галоўная яго мэта - стымуляваць абмен інфармацыяй паміж вучонымі ўсяго свету за кошт публікацый вынікаў даследаванняў у адкрытым доступе. Рэйтынг улічвае колькасць дакументаў у адкрытым доступе і ступень індэксавання поўных тэкстаў навуковых публікацый пошукавай сістэмай Google Scholar, пры гэтым ацэньваецца ступень адкрытасці акадэмічных рэсурсаў і іх інтэграцыя ў інфармацыйную прастору.

Рэпазітар ПалесДУ створаны ў 2013 годзе і на сённяшні дзень у яго калекцыях размешчана больш за 22,5 тысячы розных дакументаў: манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, артыкулаў з часопісаў, метадычных указанняў і метадычных дапаможнікаў, дысертацый, аўтарэфератаў дысертацый, матэрыялаў канферэнцый, створаных выкладчыкамі універсітэта .