22 лютага ў чытальнай зале бібліятэкі вучэбнага корпуса №1 супрацоўнiкi бібліятэкі арганiзавалi свята беларускай мовы, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. У літаратурнай гасцёўні “Таямніцы роднай мовы” прынялі ўдзел студэнты групы 21БУ-1. Вядучыя мерапрыемства Балабосава Ульяна і Кочкін Вячаслаў з гонарам расказалі гасцям мерапрыемства, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Яны распавядалі гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, напомнілі асноўныя этапы развіцця і станаўлення беларускай мовы, у тым ліку ўспомнілі “Беларускую граматыку для школ” Б.А.Тарашкевіча, якая ўпершыню была выдадзена ў 1918 годзе і аказала вялікі ўплыў на фарміраванне і развіццё сучаснай беларускай мовы.
У чытальнай зале гучалі вершы знакамітых беларускіх паэтаў пра родную мову ў выкананні студэнтак групы 21БУ-1 Кухта Карыны, Крымскай Ганны, Шапавал Маргарыты, Татарэвіч Анастасіі, Шчур Яны, Гродзель Карыны, Максімук-Супруновіч Ірыны, ім дапамагалі Карлюк Дзяніс (19ІТ-1), Шэшолка Даніла (21ПР-1), Самута Юля (21ФіК-4). Святочную атмасферу стваралі мілагучная і пяшчотная беларуская народная музыка, відэа і ўрыўкі з дакументальных фільмаў, якія неслі ў сабе не толькі пазнавальную інфармацыю, але і дазволілі ўсім гасцям адчуць гонар не толькі за сваю родную беларускую мову, але і за сваю краіну. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа, у тым ліку і беларускага. Яго з пашанай называюць люстэркам і захавальнікам культуры, формай яе існавання.
Родная мова захоўвае народныя традыцыі, звычаі і духоўныя скарбы, служыць спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры, яна абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання. Любіце, шануйце і ведайце нашу родную беларускую мову, размаўляйце на ёй часцей!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии