15 верасня - прафесійнае свята ўсіх бібліятэкараў Беларусі, а дакладней - Дзень бібліятэк. Да гэтай даты ў чытальнай зале бібліятэкі экспануецца кніжная выстава “Сіла кнігі”. У экспазіцыю ўвайшлі выданні, прысвечаныя гісторыі кнігі і бібліятэкі, сучаснаму развіццю бібліятэчнай справы, інфармацыйна-даведачнае выданне пра ўклад нашай бібліятэкі ў арганізацыю навучальнага і навуковага працэсу ўніверсітэта, навуковыя, навукова-папулярныя і навучальныя дапаможнікі. Мы праглядзелі некаторыя інтэрнэт-супольнасці кнігалюбаў, прачыталі водгукі людзей пра самыя розныя прачытаныя імі кнігі, і найбольш папулярныя з іх сабралі ў рубрыцы "Гэта тое, што трэба абавязкова прачытаць". Кнігі філасофскага і псіхалагічнага характару выдзелены ў рубрыку "І хіба веданне не сіла?" У цэнтры экспазіцыі - кнігі, прысвечаныя Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якой спаўняецца сёлета 100 гадоў.
Што ж робіць чалавека адукаваным? Што можа пашырыць кругагляд, узбагаціць розум і душу?
Большасць паспяховых людзей у свеце не ўяўляюць свайго жыцця без кніг. Пад уплывам кнігі ў большасці выпадкаў фарміруюцца светапогляд, жыццёвыя каштоўнасці і нават характар чалавека. Як паказваюць шматлікія даследаванні, кніга змяншае стрэс, паляпшае разумовыя здольнасці. Адкіньце свой смартфон усяго на адну гадзіну ў дзень, а ў пальцы, якія імкнуцца набраць паведамленне, вазьміце кнігу.
Кніга - аснова ўсяго.
Кніга - гэта зручны носьбіт ведаў.
Кніга дае шэраг адказаў на пастаўленыя пытанні.
Кніга можа паслужыць кіраўніком і настаўнікам.
Кніга - магутны інструмент выхавання такіх якасцей у чалавека як дабрыня, суперажыванне, уменне адрозніваць дабро ад зла.
Кніга робіць наш унутраны свет больш аб'ёмным, дазваляе паглядзець на сябе і сваё асяроддзе новымі вачамі.
Сіла кніг у тым, што яны з'яўляюцца адным з самых эфектыўных і дзейсных спосабаў распаўсюджвання глыбокіх ведаў, мудрасці і праніклівасці.
А вы як думаеце, у чым сіла кніг?
Запрашаем нашых чытачоў на выставу, якая экспануецца ў чытальнай зале бібліятэкі (навучальны корпус №3, к.3332).
- Войдите, чтобы оставлять комментарии