Праекты ПалесДУ на міжнароднай выставе “ТэхІнаПрам”

​​​​​​​Традыцыйна міжнародная выстава тэхналогій і інавацый у прамысловасці “ТэхІнаПрам” накіравана на прасоўванне інавацыйнага прамысловага абсталявання, прадукцыі і тэхналогій айчынных і замежных кампаній на рэгіянальныя і міжнародныя рынкі.

21 верасня 2022 года ў яе межах свае праекты прадстаўлялі і распрацоўшчыкі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і навукова-тэхнічнага парка ТАА “Тэхнапарк Палессе”. Асаблівую цікавасць выклікаў канцэпт “Віртуальны адукацыйны цэнтр” факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця, які прэзентавалі дацэнт кафедры фізічнай рэабілітацыі і спартыўнай медыцыны Марыніч В.У. і малады вучоны Усцімчук А.У. Дэманстрацыя аўтарскай праграмы з укараненнем  тэхналогій віртуальнай рэальнасці, а таксама комплексны пратакол развіцця каардынацыйных магчымасцей з выкарыстаннем спецыялізаванага ПЗ адкрывае магчымасці  VR для вырашэння розных задач камунікатыўнай псіхалогіі, стварэння мультыфункцыянальнага інфармацыйна-аналітычнага кансультатыўнага цэнтра віртуальнай  рэальнасці.

У накірунку “Экалогія, рацыянальнае прыродакарыстанне, перапрацоўка смецця, энергетыка” в.а. загадчыка кафедры ландшафтнага праектавання  Волкава В.У. прадставіла праект па сінтэзу аптымальнага экаасяроддзя даследчай лабараторыі “Інжынірынг і дызайн экаасяроддзя”, якая займаецца стварэннем многапрофільных дызайнерскіх рашэнняў.

ТАА “Тэхнапарк Палессе” і ВНЛ “Інжынірынгавы цэнтр” ПалесДУ (кіраўнік ВНЛ Ярмаш В.В., дырэктар Тэхнапарка Козыр А.В., магістрант Шыкунец А.Б.) дэманстравалі сістэму індустрыяльнай аквакультуры з выкарыстаннем інавацыйных падыходаў інтэнсіфікацыі тэхналагічных працэсаў і безагрэгатную ўстаноўку водападрыхтоўкі на аснове выкарыстання электралізных працэсаў.

 Пляцоўка выставы “ТэхІнаПрам – 2022” дазволіла вучоным універсітэта ацаніць маркетынгавую сітуацыю ў профільных навукова-прыкладных сегментах і наладзіць дадатковыя кантакты, якія будуць спрыяць далейшаму развіццю іх праектаў.

​​​​​​​