Падводзім вынікі анлайн-віктарыны “Якуб Колас на Пінскім Палессі”. У сярэдзіне верасня бібліятэка прапанавала прыняць удзел і адказаць на 25 пытанняў пра жыццёвы і творчы перыяд народнага пясняра Беларусі падчас працы на Піншчыне. Усе пытанні на наш погляд простыя і даступныя. За гэты кароткі час вырашылі праверыць свае веды 43 удзельнікі, з якіх 23 паспяхова адказалі на ўсе пытанні, а 20 па нейкім прачынам толькі азнаёміліся з віктарынай.
Аналіз адказаў паказаў, што удзельнікі вельмі добра ведаюць жыццёвы шлях і творчасць Якуба Коласа пад час працы на Пінскім Палессі. Амаль на працягу шасці гадоў тут жыў і працаваў наш славуты паэт, празаік, драматург і вучоны, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі, акадэмік Якуб Колас. Менавіта ў Пінкавічах бярэ пачатак літаратурная дзейнасць Я. Коласа, і менавіта тут паэт шліфуе свой педагагічны талент. Тут ён пісаў вершы па-руску з паметкай “село Пинковичы”. На пытанне віктарыны пра паметку адказалі правільна 12 удзельнікаў.
З 1912 па 1914 год Колас працаваў настаўнікам у прыхадскім вучылішчы, будынак дайшоў да нашага часу па адрасе вул.Чыгуначная, д.7. Дарэчы, на гэтае пытанне правільных адказаў - 16. Ведаюць 13 удзельнікаў і пра тое, што Канстанцін Міцкевіч жыў у Лунінцы пасля выхаду з турмы ў 1911-1912 гадах. Галоўную падзею пінскага перыяду у жыцці Я.Коласа – стварэнне сям’і і нараджэнне сына ведаюць 20 удзельнікаў. Вяселле з настаўніцай Марыяй Каменскай згулялі ў доме Балевічаў у чэрвені 1913 года, а дзе ж адбылося царкоўнае блаславенне шлюбу? На гэтае пытанне правільна адказалі 17 чалавек. У 1915 годзе на званіцы Свята-Варварынскай царквы з’явілася мемарыяльная дошка з надпісам: “У памяць аб вянчанні Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Я.Колас) і Марыі Дзмітрыеўны Каменскай ў г. Пінску 16(3) чэрвеня 1913 года”. У верасні 1914 года нарадзіўся сын Даніла, які неаднаразова наведваў Пінск.
Малады настаўнік палюбіў вёску Пінкавічы на ўзбярэжжы Піны, казаў, што тут у яго былі “царскія ўмовы” для жыцця. Хутка знайшоў агульную мову з сялянамі, але ж чаму гэты перыяд аказаўся такі малы? Прычыну хуткага звальнення маладога настаўніка ведаюць 22 удзельнікі. Адзін з 23-х напэўна пажартаваў, альбо памылкова выбраў варыянт за спазненне на працу.
Якуб Колас у 1905 годзе не проста, як ганаровы госць, прымаў удзел у важнай падзеі для сям’і Аляксандра і Людмілы Лояў з Пінкавіч. Ён стаў хросным бацькам іх сына Мікалая. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя: “Якуб Колас стаў кумам царкоўнага старасты і хрышчоным бацькам самаахоўніка”. Сапраўды Аляксандр Лой быў царкоўным старастай. І гэтую падзею ведаюць 12 удзельнікаў.
Жыццё на Пінскім Палессі стала яркай старонкай у лёсе Народнага Песняра. Цікавасць выклікаюць творы, напісаныя Коласам у пінскі перыяд. Якуб Колас узгадваў і Пінск і Пінкавічы ў сваіх творах. У паэме “Новая зямля” – 14 правільных адказаў, 20 удзельнікаў ведаюць, што аповесць “У глыбі Палесся”ўвайшла ў трылогію "На ростанях», і, што жыхары Пінкавіч сталі прататыпамі герояў трылогіі - 15 чалавек. Складаным, на наш погляд, было пытанне пра замену ў трылогіі "На ростанях» геаграфічнай назвы Пінкавічы аўтарам. Але было прыемна бачыць, што правільных адказаў – 20, і гэта назва Выганы.
Калі вы хочаце прайсціся сцяжынкамі Якуба Коласа, пачуць пра яго жыццёвую і творчую дзейнасць, ці проста атрымаць асалоду ад яго творчасці, – зрабіце падарожжа ў літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў Пінкавічах, які знаходзіцца на тым самым месцы, дзе стаяла драўляная школа, у якую ў 1904 годзе прыехаў працаваць яшчэ невядомы малады настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, у будучым народны паэт Беларусі Якуб Колас. На пытанне, што зараз знаходзіцца ў тым самым драўляным будынку, у хаце-школе правільна адказалі 17 удзельнікаў.
Усім вялікі дзякуй за ўдзел!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии