9 лістапада ў чытальнай зале бібліятэкі вучэбнага корпуса № 3 супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі свята ў гонар шанавання 140-годдзя з дня нараджэння вялікага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. У літаратурнай гасцёўні “І ўся зямля была яму спадчынай” прынялі ўдзел ліцэісты, навучэнцы 10 “А” класа. Вядучыя мерапрыемства Аксанчук Лілія і Капалейшвілі Ціна пазнаёмілі з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. Удзельнікі сустрэчы адчулі прыгажосць роднай беларускай мовы, уважліва слухалі цікавыя факты з жыцця Якуба Коласа. Святочную атмасферу стваралі мілагучная і пяшчотная беларуская народная музыка, відэа і ўрыўкі з дакументальных фільмаў, запісы музычных твораў на вершы пісьменніка ў выкананні ансамбля “Песняры”. Прагучалі прысвячэнні Якубу Коласу такіх вядомых беларускіх паэтаў, як Кастусь Цвірка, Алесь Звонак, Сяргей Грахоўскі ў выкананні Ціпун Ксеніі, Пухала Наталлі, Гука Данілы. Пранікнёна, вобразна і эмацыянальна прадэкламіравалі вершы Якуба Коласа Носаў Ягор, Наварыч Ганна, Дзмітрушка Алеся, Гук Ілья. Звярнуцца да паэтычнай спадчыны Коласа, гэтай невычэрпнай крыніцы, запрашала кніжная выстава “Якуб Колас. Сэрца пакідаю вам”. У завяршэннi свята бiблiятэкар Станкевіч Клаўдзiя Аляксандраўна прапанавала лiцэiстам віктарыну па жыццю і творчасці Якуба Коласа. Хлопцы і дзяўчаты праявілі зацікаўленасць і з поспехам адказвалі на пытанні.
Мерапрыемства, якое адбылося з нагоды юбілею беларускага класіка, паказала глыбіню і самабытнасць беларускай культуры і мовы.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии