Напярэдадні Новага года студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і дыплом пераможцы ХІІ Міжнароднай алімпіяды “Сусветныя войны ў гісторыі чалавецтва”, што была арганізавана Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны. 23 лістапада 2022 г. каманда ПалесДУ прыняла ўдзел у алімпіядзе. Мерапрыемства праведзена ў дыстанцыйнай форме кафедрай гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый ГДУ імя Ф.Скарыны.
У склад нашай каманды ўвайшлі студэнты розных факультэтаў. Факультэт эканомікі і фінансаў прадставілі Тамара Лазіцкая, Вераніка Раманюк і Марта Чалей. Ад факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця ў алімпіядзе ўдзельнічаў Марк Максімук. Капітанам каманды знатакоў быў студэнт інжынернага факультэта Максім Мемех.
Усяго ў алімпіядзе ўдзельнічалі 38 каманд з Беларусі, Расіі і Узбекістана. Студэнты павінны былі разабрацца ў гісторыі Першай і Другой сусветных войнаў, ацэньвалася хуткасць і дакладнасць адказаў каманд. Нашы студэнты паказалі веды, эрудыцыю, шырокі кругагляд і ўменне працаваць у камандзе над рашэннем складаных задач.
Каманда ПалесДУ заняла першае месца сярод каманд негістарычных спецыяльнасцей.
Віншуем удзельнікаў алімпіяды і кіраўніка каманды ПалесДУ дацэнта кафедры міжкультурных камунікацый, кандыдата гістарычных навук, дацэнта І.Э. Яленскую!
- Войдите, чтобы оставлять комментарии