З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Максім Танк
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы. Гэты дзень быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА. Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне.
Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, меладычная і паэтычная, старажытная і сучасная. “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, – у свой час слушна заўважыў класік беларускай літаратуры Якуб Колас.
З нагоды свята ў гонар мовы запрашаем студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта 21 лютага прыняць удзел у гульні “Адкрываю нанова беларускае роднае слова…” і далучыцца да акцыі “Чытаем вершы пра родную мову”. Месца правядзення: вучэбны корпус №2 ПалесДУ, 1 паверх. Пачатак у 11.30.
Таксама запрашаем прыняць удзел у дыстанцыйнай віктарыне “Згадваючы гісторыю беларускай мовы”. Для ўдзелу неабходна перайсці па спасылцы і даць адказы на пытанні.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии