Міжнародны дзень роднай мовы ў ПалесДУ

​​​​​​​Мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы адбыліся ў Палескім дзяржаўным універсітэце.

У фае вучэбнага корпуса №2 ПалесДУ 21 лютага дацэнтамі кафедры маркетынгу і міжнароднага менеджменту Вольгай Фёдараўнай Жылевіч і Наталляй Мікалаеўнай Базар арганізавана гульня “Адкрываю нанова беларускае роднае слова…” і праведзена акцыя “Чытаем вершы пра родную мову”. Вядучымі гульні былі студэнты групы 20ЛМК-2 Аляксандра Юркевіч, Данііл Смольскі і Крысціна Паўлава. Маладыя людзі распавялі ўсім, хто зацікавіўся мерапрыемствам і далучыўся да свята, гістарычныя і навуковыя факты пра нашу родную беларускую мову і прапанавалі кожнаму праверыць сябе на веданне беларускай мовы ў мовазнаўчай віктарыне. Студэнты і выкладчыкі адказвалі на пытанні вядучых. Прыемна, што амаль на ўсе прагучалі правільныя адказы. Тое, што моладзь ведае беларускую мову, гісторыю яе развіцця сведчыць аб паважлівым стаўленні да мовы продкаў, да нацыянальнага скарба, які беражліва захоўваўся і дастаўся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў.

Музычныя падарункі для прысутных з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы зрабілі студэнткі групы 22БА-1 Копаць Ганна і Лазько Дар’я. Дзяўчаты выканалі песню “Спадчына” на словы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і “Маёвую песню” на словы беларускага паэта Максіма Багдановіча. Тым самым яны яшчэ больш упрыгожылі мерапрыемства.

У фае працавала выстава прадметаў народнай творчасці беларусаў, а таксама была наладжана прэзентацыя з выказваннямі беларускіх пісьменнікаў, мовазнаўцаў, грамадскіх дзеячаў і дзеячаў культуры пра важнасць роднай мовы для кожнага беларуса. Тым, хто не мог затрымацца на мерапрыемстве, было прапанавана далучыцца да акцыі “Чытаем вершы пра родную мову”. Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта атрымалі карткі з вершамі беларускіх паэтаў, што змяшчаюць цёплыя словы ў адрас роднай беларускай мовы. Кожны меў магчымасць прачытаць вершы ў зручны для сябе час.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы на сайце ПалесДУ размешчана спасылка, перайшоўшы па якой можна было прыняць удзел у  дыстанцыйнай віктарыне “Згадваючы гісторыю беларускай мовы”. Амаль каля сотні карыстальнікаў сайта ПалесДУ праверылі свае веды. Далучыцца да віктарыны і адказаць на яе пытанні можна да канца лютага.  Для гэтага перайдзіце па спасылцы і пазначце свае адказы.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, меладычная і паэтычная, старажытная і сучасная. “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, – у свой час слушна заўважыў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Мы памятаем яго словы і шануем родную беларускую мову.


​​​​​​​