16 чэрвеня ў ПалесДУ прайшло пасяджэнне прыёмнай камісіі па залічэнні абітурыентаў, якія паступаюць на навучанне за кошт сродкаў бюджэту на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і пераможцаў універсітэцкай алімпіяды Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
За час падачы дакументаў на бюджэт падалі дакументы 25 абітурыентаў, з якіх 19 сталі студэнтамі без уступных выпрабаванняў. 7 абітурыентаў падалі дакументы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, з якіх 1 абітурыент паступіў па выніках сумоўя як выпускнік класаў педагагічнай накіраванасці. 18 абітурыентаў падалі дакументы для паступлення без уступных выпрабаванняў як пераможцы (дыплом I, II, III ступені) універсітэцкай алімпіяды Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе па прадмеце “Біялогія”, паступілі на такія спецыяльнасці біятэхналагічнага факультэта як “Біяхімія” і “Біятэхналогія”. У сваю чаргу, абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе па прадмеце “Фізічная культура і спорт”, паступалі на спецыяльнасці “Фізічная культура” і “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія” факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця. Конкурс для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Фізічная культура” склаў 1,3 чалавека на месца (прахадны бал – 145) і па спецыяльнасці “Трэнерская дзейнасць” склаў 1,5 чалавека на месца (прахадны бал – 138). Агульны бал пры паступленні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі падлічваўся як сума бала атэстата і бала ўступнага іспыту ў практычнай форме па дысцыпліне “Фізічная культура і спорт” на базе УА “ПалесДУ”. Прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання на агульных падставах стартуе з 17 ліпеня і прадоўжыцца па 25 ліпеня.
- Войдите, чтобы оставлять комментарии